САКО́ЛЬСКІ ПАВЕ́Т, Саколкаўскі павет,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утворана ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1843 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г. Саколка Пл. 2290 кв. вёрст, нас. 88 719 чал. (без гарадоў, 1897), з іх 80% католікі, 16% праваслаўныя, каля 1,5% іудзеі. Падзяляўся на 13 валасцей: Астрагорская, Астроўская, Багнаўская, Грабянёўская, Зубрыцкая, Каменкаўская, Каменская, Круглянская, Макаўлянская, Нававольская, Раманаўская, Трафімаўская, Чарнавеская. У складзе павета былі заштатныя гарады Адэльск, Васількаў, Дамброва, Карыцын, Кузніца, Новы Двор, Сухаволя і Янаў; усяго больш за 650 нас. пунктаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве. У вер. 1939 заняты Чырв. Арміяй. З 2.11.1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобл. Скасаваны 15.1.1940.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 14, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)